АПОШНІЯ СЛОВА МАРФЫ

08.09.2022 21:18


Апошія слова Марфы Рабковай ("беларускі суд" прысудзіў её 15 (!) год пазбаўленьня волі. 

"Мы жывём у эпоху перакручаных ісцін: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцце свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці, пры гэтым урываюцца і ў гэтую зону, выкарыстоўваючы артыкул 13 Крымінальнага кодэкса, так званы "намер". Думказлачынства цяпер не існуе дзесьці ў антыўтопіях, а квітнее ў беларускай рэчаіснасці.


Усё сваё жыццё я пражыла пры кіраванні Лукашэнкі. Я нарадзілася і вырасла ў межах гэтай сістэмы. Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сцвярджаеце, што я з'яўляюся "дэструктыўным элементам", "азлобленай", што я "згубіла свае карані". Але я такая ж частка грамадства, як і вы ўсе. 


Маё адрозненне толькі ў тым, што я называю рэчы сваімі імёнамі і не магу на іх не рэагаваць. Гвалт - гэта гвалт, рэпрэсіі - гэта рэпрэсіі, а вайна - гэта вайна. І іначай быць не можа. Мне сорамна, калі дарослыя і адукаваныя людзі закрываюць свае вочы і вушы, супакойваюць сваё сумленне, не ўдумваюцца ў тую дзейнасць, якой займаюцца. 


Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасці, каб у межах сваёй сферы ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб спыніць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанемся, калі ўсё скончыцца? Што мы будзем казаць сваім дзецям і ўнукам? Што вы пакінеце пасля сябе ў гэтым свеце? Пытанні, адказы на якія вы трымаеце перад самімі сабой і будучыняй, а яна кожную секунду прымінае нас да сябе.


Я не прызнаю віну ні па адным прад'яўленым абвінавачванні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Калі ў краіне няма арганізаванай злачыннасці, відаць, яе трэба стварыць. Дзеля таго, каб апраўдаць існаванне цэлага ўпраўлення, якое ў апошняе дзесяцігоддзе маштабна пашырылася і дазваляе сабе такія метады працы, якія хутчэй нагадваюць дзеянні Гестапа, а не супрацоўнікаў, пакліканых абараняць людзей.


Я таксама не лічу вінаватымі тысячы людзей, якія пакутуюць у турмах нашай краіны. Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек з'яўляецца асобай, кожнае меркаванне павінна паважацца, а жыццё і свабода з'яўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасцямі. 


Гуманізм, справядлівасць, эмпатыя, развіццё, адказнасць за тое, што адбываецца вакол нас, - гэта вехі, на якіх стаіць будучыня. Адмаўляючы іх, вы адмаўляеце саму будучыню, якая ў кожным разе надыходзіць, яна непазбежная. 


Будучыня - гэта змены, бо прагрэс - гэта заўжды рух і імкненне наперад. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцця, паважлівага стаўлення да сябе, захавання правоў кожнага чальца грамадства, дзяржавы, якая будзе працаваць дзеля народа, а не насуперак яму.


Хачу падзякаваць свайму цудоўнаму мужу, сваёй маме, усёй сваёй сям'і, сябрам і блізкім, калегам, адвакатам, а таксама ўсім неабыякавым беларусам і беларускам за дапамогу і салідарнасць на гэтым цярністым шляху зняволення. Дзякуй, што не забываеце мяне і застаяцеся са мной.


Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая - мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю - мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!"